Падпіска на навіны
Энцыклапедычны даведнік "Rosyjskie pomiary klasztorów skasowanych w roku 1832"
Аўтар кнігі — вядомая даследчыца гісторыі архітэктуры і мастацтва, прафесар Марыя Каламайска-Саед (Maria Kałamajska-Saeed). Дарэчы, у 2016 годзе даследчыца адшукала ў Горадні частку архіву гродзенскага кляштара брыгітак. Знойдзеныя дакументы мелі сумны стан, папера разбуралася. Дзякуючы ўдзелу Музея Падляшша ў Беластоку каштоўныя дакументы ўдалося захаваць.
Кніга будзе карысная даследчыкам мастацтва і рэлігіі, рэстаўратарам і краязнаўцам. На першых старонках выдання даследчыца прывяла ўсе вядомыя карты рэлігійных ордэнаў, якія маюць мясцовае паходжанне. Гэта вядомая карта ордэна бернардзінцаў Гіршы Ляйбовіча, і яшчэ чатыры малавядомыя карты: Ордэн Трынітарыяў (друкаваная, каля 1748 года), Руская правінцыя ордэна бернардзінцаў (друкаваная, 1753), Літоўска-руская правінцыя бернардзінцаў (рукапісная, каляровая, пасля 1816 года), Літоўска-руская правінцыя бернардзінцаў (рукапісная, 1819 год). Карты адметныя тым, што яны аздоблены мініятурамі касцёлаў і кляштараў, што і абумовіла іх выкарыстанне ў даследаванні.
Параза ў Паўстанні 1831 г. прывяла да шматлікіх абмежаванняў з боку Расіі, у тым ліку роспуску каталіцкіх кляштараў на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай. Аднак закінутыя будынкі кляштараў і касцёлаў былі каштоўным рэсурсам, які выкарыстоўвала праваслаўная царква або царская армія.
За некалькі гадоў было інвентарызавана амаль 200 кляштарных комплексаў. Гэтыя матэрыялы - праз праекцыі, папярочныя разрэзы і геадэзічныя вымярэнні - вельмі дакладна паказваюць архітэктуру, якая фактычна не захавалася. Толькі каля 10% вымераных комплексаў дайшлі да нашага часу ў аўтэнтычным выглядзе. Шмат іх было знішчана ў ХІХ ст., але большая частка ў савецкі час, некаторыя былі значна перабудаваныя.
Прафесар Марыя Каламайска-Саед за час шматгадовых пошукаў, галоўным чынам у пецярбургскіх і маскоўскіх архівах, а таксама віленскіх, менскіх і гарадзенскіх, не толькі знайшла некалькі сотняў вымяральных вопісаў і праектаў рэканструкцыі 19 ст. былых каталіцкіх манастырскіх памяшканняў з тэрыторыі расійскага падзелу, але таксама атрымала іх сканы. Вынікам гэтай надзвычай працяглай і складанай працы стаў прафесійны каталог, якому папярэднічае навуковы каментар, выдадзены Інстытутам POLONIKA ў рамках навуковай серыі «Даследаванні і матэрыялы». Гэта магутная крыніца ведаў аб архітэктуры - у асноўным барока - з былых усходніх тэрыторый РП, што адкрывае перад навукоўцамі новыя даследчыя перспектывы.