Падпіска на навіны
Рукапісны план XVI стагоддзя з НГАБ
У 694 "радзівілаўскім" фондзе Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі знойдзена схематычная карта Інфлянтаў, якую даследчыкі датавалі 1560-м годам. Карта адносіцца да багатай картаграфічнай спадчыны, створанай падчас Інфлянцкай вайны (1558–1583 гг.).
На плане прадстаўлены адцінак Дзвіны, Чудскае возера, шэраг гарадоў і замкаў рэгіёна, а таксама мяжа занятых маскоўскімі войскамі тэрыторый. Па меркаванні спецыялістаў, гэты малюнак можа лічыцца самым старым захаваным помнікам вайсковай картаграфіі не толькі ВКЛ, але і ўсёй Рэчы Паспалітай (раней на гэтую ролю прэтэндаваў план аблогі замка Улы войскам Вялікага Княства Літоўскага 1568 года, меркаваным аўтарам якога лічыцца Мацей Стрыйкоўскі).
Больш падрабязна пра знаходку можна прачытаць у 20-м выпуску зборніка «Архіварыус».
Узнікае пытанне — наколькі мы можам называць такія схематычныя малюнкі картамі? Тым болей з канца XV стагоддзя ўжо шырока распаўсюджваюцца паўнавартасныя друкаваныя і рукапісныя карты з пазначанымі геаграфічнымі каардынатамі, пазнавальнымі контурамі берагавых ліній, рачных і дарожных трас, межаў.
У той жа час варта адзначыць распаўсюджанасць у XVI стагоддзі (з вялікай верагоднасцю, і ў папярэднія стагоддзі таксама) менавіта такіх лакальных планаў, якія маглі паказваць бягучую вайсковую сітуацыю або акрэсліваць зямельную ўласнаць і г.д. Звяртае на сябе ўвагу агульнасць рысаў на такіх крыніцах: графічная схема, якая дае прыблізнае ўяўленне аб адлегласцях і ўзаемаразмяшчэнні аб'ектаў, звычайна дапоўненая шырокімі тэкставымі тлумачэннямі; пры гэтым на такіх матэрыялах адсутнічае ўказанне на кірункі бакоў свету, шкалы геаграфічных каардынат і шкалы маштабаў. Агульныя рысы і шырокае распаўсюджанне падобных матэрыялаў дае права вылучаць іх у асобную групу з уласнай тэрміналогіяй: лакальныя планы, схематычныя карты і пад.
Ніжэй прыводзім некалькі прыкладаў рукапісных планаў XVI стагоддзя.
Рукапісная схематычная карта XVI стагоддзя з НГАБ. [НГАБ. Ф.694. Воп.4. Спр.1556. Арк.237-238адв.]
План аблогі замка Вула літоўскімі войскамі ў 1568 годзе. Мацей Стрыйкоўскі (?)
Схематычная карта земляў у верхнім цячэнні ракі Даўспуды, 1527-1528 гады
План мястэчка і ваколіц Near Tunbridge wells, каля 1519 года (зараз горад Роял-Танбрыдж-Уэлс, Англія)
Падрыхтавана па матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, размешчаных у сеціве