Знойдзены другі асобнік чарцяжа Масковіі Паўла Джовіа 1525 года


Знойдзены другі асобнік чарцяжа Масковіі Паўла Джовіа 1525 года

BY | RU

DOI: http://doi.org/10.54544/1525

У 1525 годзе ў Рыме знаходзіўся маскоўскі дыпламат і перакладчык Дзмітрый Герасімаў (каля 1465 – каля 1536), які даставіў пасланне вялікага князя маскоўскага Васіля III да папы рымскага Клімента VII. Паміж Дз. Герасімавым і блізкім паплечнікам папы, італьянскім гуманістам Паўлам Джовіа (1483–1552), адбыўся шэраг гутарак, на аснове якіх Джовіа выдаў кнігу Libellus de legatione Basilii magni, principis Moschoviae ad Clementem VII. Romae. Anno M.D.XXV (1525). У пачатку кнігі ён заявіў пра намер стан краіны "коратка апісаць і на друкаванай гравіраванай карце адлюстраваць": breuitate decribetur et in tabula typis excusa figurabitur. Аж да апошняга дзесяцігоддзя XX стагоддзя друкаваная карта Джовіа заставалася загадкай. Пра яе існаванне сведчылі больш за тузін рукапісных копій, вырабленых генуэзцам Батыста Аньезе (15141564) у Венецыі ў 15341564 гадах. Аднак яе саму выявіць не ўдавалася.

Першы вядомы асобнік карты Паўла Джовіа быў прададзены на аўкцыёне Sotheby's у Лондане ў снежні 1993 года. Пасля ён паступіў у Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў (РДзАСА. Ф. 192. Воп. 6. Спр. 963), дзе захоўваецца і сёння.1 Карта Паўла Джовіа 1525 года – найстаражытнейшы тытульны чарцёж Маскоўскай дзяржавы. Разам з тым гэта старадаўні чарцёж, які цалкам прысвечаны землям Старажытнай Русі і ахоплівае Маскоўскае вялікае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Наўгародскую зямлю, а таксама ўскрайкавыя землі Вялікай Тартарыі. У Расеі яго асобнік, які знаходзіцца ў РДзАСА, параўнальна добра вядомы і па гэты дзень разглядаецца даследчыкамі як адзіны які захаваўся да цяперашняга часу.2

Аднак, як аказалася, у 2006 годзе італьянскі прафесар-цюрколаг Джыампьера Белінг'еры, натыкнуўся ў бібліятэцы Св. Марка ў Венецыі на яшчэ адзін асобнік чарцяжа. Ён быў пераплецены ў канвалют, які змяшчаў працы Паўла Джовіа і Яна Фабры. Дж. Белінг'еры двойчы, у 2006 і 2017 гадах, згадваў пра знаходку ў навуковых публікацыях.3 Аднак абодва разы ён зрабіў гэта ў вузкаспецыяльных італьянскіх цюркалагічных выданнях, і таму гісторыкі картаграфіі заставаліся ў няведанні аб яго адкрыцці аж да выхаду сёлета артыкула ў міжнародным картаграфічным часопісе Imago Mundi.4 Нароўні з апісаннем акалічнасцяў выяўлення чарцяжа ў артыкуле дадзена яго падрабязнае гісторыка-картаграфічнае апісанне, складзенае прафесарам Марыкай Міланэзі. Цікава, што на момант публікацыі артыкула яе аўтарам нічога не было вядома аб маскоўскім экзэмпляры, і сваю знаходку яны таксама разглядалі як першую і адзіную копію чарцяжа, якая дайшла да нашых дзён.

Найстаражытнейшы друкаваны тытульны чарцёж Маскоўскай дзяржавы, які захаваўся, як мы цяпер ведаем, прынамсі ў двух экзэмплярах, быў выраблены ў тэхніцы дрэварыту з выкарыстаннем элементаў шрыфтавога набору. Два асобнікі чарцяжа – маскоўскі (М) і венецыянскі (В) – аддрукаваныя з адной дошкі, але адрозніваюцца дэталямі наборнага тэксту.

Адрозненні, у прыватнасці, наступныя:

У тытульным картушы:
(М) Tabula ex relatione De / metrii egti…
(В) Tabula ex relatione De- / metrii legati…

У тлумачэнні гідроніма Volga:
(М) ...sive Rha fluvius, Quem Tartari Edil vocant.
(В) ...siue Rha fluuius, quem Tartari Edil uocant.

У тэксце, размешчаным ніжэй Чорнага мора:
(М) Hic Bayazetes a Tamburlane / uictus et captus est (= Тут Баязід быў пераможаны і захоплены Тамерланам).
(В) Hic Bayazetes a Tamburlane / captus et uictus est (...захоплены і пераможаны...).

 

Карта Масковіі, 1525 Джовіа-Герасімаў

MOSCHOVIAE Tabula ex relatione De
metrii egti descripta sicuti ipse a pluribus
accepit cum totam prouinciam minime se pera
grasse fateatur. Anno. M.D.XXV. Mēse Octob.

Асобнік чарцяжа Паўла Джовіа 1525 года, які знаходзіцца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве (Ф.192. Воп.6. Спр. 963).
Выява: http://projects.rusarchives.ru/statehood/04-12-karta-moskoviya.shtml

Карта Масковіі, 1525 Джовіа-Герасімаў

MOSCHOVIAE Tabula ex relatione De-
metrii legati descripta sicuti ipse a Pluribus
accepit cum totam prouinciam minime se pera
grasse fateatur. Anno. M.D.XXV. Mēse Octob.

Асобнік чарцяжа Паўла Джовіа 1525 года, выяўлены ў 2006 годзе ў фондах Бібліятэкі Св. Марка ў Венецыі (C 214 C 108.1).
Выява апублікавана ў часопісе Imago Mundi (Vol. 72. Part No. 1 (2020): 47–51) з дазволу Бібліятэкі св. Марка.


1. Рыбаков Б.А. Новооткрытая карта Московии 1525 г. // Отечественные архивы. № 4, 1994. — Москва, 1994. С. 3–7. Старков В.Ф. Описание карты 1525 года. // Отечественные архивы. № 4, 1994. — Москва, 1994. С. 8–14.

2. Кудрявцев О.Ф. Неведомый стране чертёж: первые европейские карты Московии (1525 г.) // Вестник МГИМО-Университета. 2020. 13(1). С. 7–22.

3. G. Bellingeri, ‘Sui Tartari Nogai nelle fonti venete. Implicazioni “gotiche” e melomani’, in N. Grandi, G. Iannàccaro eds., Zhì (Cesena–Roma, Caissa Italia, 2006): 27–46/ G. Bellingeri, ‘Scorci veneziani sulla regione del Mar Nero (secoli XV–XIX)’, in Aldo Ferrari and Elena Pupulin eds., La Crimea tra Russia, Italia e Impero ottomano (Venezia, Edizioni Ca’ Foscari, 2017): 91–116.

4. G. Bellingeri; M. Milanesi. The Reappearance of the Lost Map of Muscovy by Paolo Giovio (1525) // Imago Mundi. Vol. 72. Part No.1 (2020): 47–51.