Падпіска на навіны
Факсімільная копія карты ВКЛ 1648 года - падарунак нацыянальнай бібліятэкі Нідэрландаў
Фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся факсімільнай копіяй карты Magni Ducatus Lithuanie, et Regionum Adiacentium exacta Descriptio (1648), атрыманай у дар ад Каралеўскай нацыянальнай бібліятэкі Нідэрландаў.
Назва карты ў перакладзе з лацінскай мовы – “Вялікае Княства Літоўскае і прылеглыя рэгіёны з іх дакладным апісаннем”. Гэта адна з пазнейшых версій знакамітай Радзівілаўскай карты, аўтарамі якой з'яўляюцца Тамаш Макоўскі (1575 – каля 1630), друкар, мастак і гравёр пры двары князя Радзівіла ў Нясвіжы, а таксама Гесель Герыц (Hessel Gerritsz, 1581–1632) – галандскі гравёр і картограф амстэрдамскага выдавецкага дома Блаў.
Створаная па замове князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі (1549–1616), карта ўпершыню была апублікаваная ў Амстэрдаме ў 1613 годзе вядомым выдаўцом Вільямам Янсонам Блаў (Willem Janszoon Blaeu, 1571–1638).
Картуш, які ўпрыгожвае верх карты 1648 года, змяшчае практычна тую ж інфармацыю, што была адлюстравана ў першым выданні 1613 года, дапоўненую толькі імем свайго выдаўца. Ім стаў картограф і выдавец Ян Блаў (Joan Blaeu, 1596–1673), які ўзначаліў выдавецкі дом пасля смерці бацькі, Вільяма Блаў, і быў афіцыйным картографам Галандскай Ост-Індскай кампаніі.
ПАВОДЛЕ ІНФАРМАЦЫІ, РАЗМЕШЧАНАЙ НА САЙЦЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭКІ (www.nlb.by)
Даведка imago.by
Карта фактычна была атласнай адаптацыя вялікафарматнай Радзівілаўскай карты ВКЛ 1613 года і мае нестандартную арыентацыю на захад. Прычынай выбару такой ужо нязвыклай для 17 стагоддзя арыентацыі магла быць канкурэнцыя з выдавецтвам Янсона-Гондзі, у якім атласная адаптацыя насценнай "радзівілаўкі" выйшла яшчэ ў 1636 годзе.
У левым ніжнім куце карты выдавецкая нота: Ioannes Blaue Excudebat. Акрамя галоўнага картуша з назовам бачым картуш, традыцыйны для Радзівілаўскай карты 1613 года і яе пазнейшых перапрацовак, пра палескія балоты: Paludes Polesiae... – і картуш з апісаннем межаў Літвы: Spectator Habes hic Magni Ducatus Lithvaniae... Illustratio finium.... Карта уключалася ў выданні "Novus Atlas" і "Atlas Maior" фірмы Блаў да 1667 года.
У 1672 годзе падчас вялікага пажару ў Амстэрдаме картаграфічная майстэрня Блаў згарэла. Лічыцца, што гэты пажар поўнасцю знішчыў выдавецкае абсталяванне і, галоўнае, "інфармацыйныя носьбіты" – медныя плыты, у тым ліку і плыты каштоўнага выдання 1613 года. Але вядома, што ў 1674 годзе рэшта выдавецкага рыштунку кампаніі Блаў была выкуплена на аўкцыёне Фрэдэрыкам дэ Вітам, у тым ліку і плыта для карты Вялікага Княства Літоўскага 1648 года. Каля 1690 (1689?) года гэтая карта выходзіла ў яго атласе с некаторымі зменамі і пад іншым выдавецкім знакам.
У 1680-х (да 1689 года) гэтая ж карта выдавалася ў атласах Абрахама Вольфганга (Abraham Wolfgang) у Амстэрдаме.
Ян Блаў 1648 год. MAGNI DVCATVS LITHVANIAE >>