Падпіска на навіны
Атлас Полацкага Княства, 1580 год. Terminus № 42, 44, 45
Грунтоўнае даследаванне Атласу Полацкага Княства, было апублікавана ў 2017 годзе ў трох сшытках польскага часопіса Terminus. Выданне дапоўнена поўным камплектам ілюмінаваных карт, якія паходзяць з Нацыянальнай бібліятэкі Францыі.
Назва - Атлас можа падацца трохі спрэчнай. Але аргументы даследчыкаў даюць падставы менавіта так называць гэты картаграфічны комплекс. У той час (і асабліва ў Італіі) атласы збіраліся на замову і тытульныя аркушы, а таксама больш-менш аднолькавы змест, для атласаў яшчэ толькі ўваходзілі ва ўжытак. А мы маем ажно 8 асобных выяў, сярод іх 6 замкаў (Казьяны, Красны, Сітна, Сокал, Суша, Туроўля), выяву з аблогай Полацкіх замкаў, а таксама карту-апісанне Полацкага Княства (Descriptio Ducatus Polocensis), якая мае рысы тытульнага аркуша (утрымлівае агульную назву, герб, прысвячэнне і апісанне) і аб'ядноўвае сэнсоўна ўсе астатнія выявы. Таму - Атлас.
Прыводзім некаторыя тэзісы:
- аўтарам двух карт быў Станіслаў Пахаловіч (напэўна і астатніх таксама), а надрукаваныя карты былі ў Рыме ў выдавецтве Джавані Бацісты Кавальеры ў 1580-м годзе (ён жа мог і значна змяніць змест, для пэўнай стандартызацыі выяў);
- арганізатарам выдання, мяркуючы па ўсім, быў канцлер каронны Ян Замойскі;
- аўтарам тэксту аб гісторыі Полацку (ў левым верхнім вуглу), а таксама трыумфальнага панегірыка (тэкст пад гербам) на мапе Полацкага Княства быў Томаш Трэтар (асоба важная для картаграфіі, бо пазней супрацоўнічаў з князем Мікалаем Радзівілам Сіроткай і Томашам Макоўскім);
- рукапісная мапа Полацкага Княства была створана яшчэ ў першай пал. 1579 г. – перад пачаткам кампаніі. І гэта падкрэслівае, што мы маем справу не столькі з мапамі-панегірыкамі (якія ўслаўляюць вайсковыя поспехі), але з'яўляюцца "вынікам" прымянення тактычных вайсковых карт. На карце нават можна заўважыць запланаваны марш войскаў (у спасылцы ніжэй падрабязны артыкул па гэтым пытанні);
- на мапе Полацкага Княства паказаныя мініятуры замкаў, яны абапіраюцца на наяўныя аркушы тых замкаў;
- мэтавая аўдыторыя выдання Атласу – "загранічная, у асноўным эліты";
- Атлас быў часткай вялікай і эфектыўнай акцыі-прапаганды вайсковых поспехаў на ўсходняй мяжы: акрамя карт выдаваліся каралеўскія эдыкты аб перамогах (у тым ліку ў Рыме, перакладзеныя на лаціну), літаратурныя творы і панегірыкі.
Фрагмент з панегірыка пад гербам на карце Полацкага Княства:
"...Укрыўся ў замку закрыты са сваімі жаўнерамі Масквіцін:
Арол караля Стэфана крылаты яго адтуль выгнаў.
Перайшоў на поле: і адтуль яго мячом паганяе Каралеўскі вершнік,
які ўмее кроў варварскую праліваць. Праз ваду спрабуе ўцякаць?
Трызуб з крукамі Кароль мае ў руках - Масквіціна паўсюль чакае няўдача..."
Сярод даследчыкаў: Якуб Недзведзь, Караль Лапатэцкі, Гжэгаж Франчак, Казімер Козіца.
Адзін з артыкулаў, які ўвайшоў ў зборнік у перакладзе на беларускую мову:
Абставіны ўзнікнення і вайсковая прыдатнасць карты Станіслава Пахаловіча Descriptio Ducatus Polocensis (1580). Аўтар: Караль Лапатэцкі, dr hab.
Да гэтага ж гістарычнага перыяду адносіцца Рукапісны план XVI стагоддзя з НГАБ, адна з найбольш ранніх картаграфічных крыніц вайсковага прызначэння ва Ўсходняй Еўропе.