Роля картаграфіі ў фарміраванні Ўсходнееўрапейскіх нацый: прыклад Беларусі


Роля картаграфіі ў фарміраванні Ўсходнееўрапейскіх нацый: прыклад Беларусі

BY | EN

http://doi.org/10.54544/708

Першыя расійскія картаграфічныя выданні, якія ўключалі ў сябе землі Рэчы Паспалітай, датуюцца другой паловай XVII ст. і адлюстроўваюць адміністратыўна-тэрытарыяльны стан. Даследаванні моўна-этнаграфічнай разнастайнасці Расійскай імперыі пачаліся ў сярэдзіне ХІХ ст. Яны грунтаваліся на статыстычных дадзеных (пераважна на выніках перапісаў насельніцтва) і леглі ў аснову этнаграфічных карт рассялення народаў або этнасаў. Па сутнасці, гэтая праца мела навуковыя і эканамічныя мэты, але, натуральна, яе вынікі сталі тым інструментам, які прывёў да росту самаідэнтыфікацыі народаў.

Як паказала гісторыя, традыцыя мела вялікае значэнне для самаабвяшчэння і абароны дзяржаўнасці. Народы, якія некалі ўваходзілі ў федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую, захоўвалі памяць пра былую культурную і дзяржаўную асобнасць, сведчаннем таму быў у тым ліку і разнастайны картаграфічны матэрыял XVI – XVIII стст. Цяжка сказаць, як адчувалі слаўную картаграфічную традыцыю Вялікага Княства Літоўскага бацькі беларускай (ці, напрыклад, літоўскай) дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя, калі стваралі свае нацыянальныя карты. Верагодна, старыя карты, мясцовага паходжання або перавыдадзеныя ў еўрапейскіх атласах, не ўспрымаліся як палітычны аргумент, а разглядаліся як частка агульнай культурнай спадчыны, нягледзячы на тое, што аснова для вывучэння гісторыі картаграфіі ў рэгіёне ўжо склалася [1].

Асноўны этап канструявання тэрыторый, населеных народамі еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, прыпаў на 1840 – 1870-я гг. Выданні гэтага перыяду аказалі значны ўплыў на абвешчаныя пасля дзяржаўныя межы ў цэлым.

Першую этнаграфічную карту еўрапейскай часткі Расіі падрыхтаваў у 1846 г. расійскі вучоны нямецкага паходжання Пётр Кёпен (1793–1864). Карта была выдадзена ў 1851 г. па даручэнні Рускага геаграфічнага таварыства [2]. У яе аснову пакладзены даныя восьмай рэвізіі насельніцтва 1833–1835 гг. На карце было адзначана 38 неславянскіх народаў («чужынцаў»). На тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай пазначаліся літоўцы, латышы, эстонцы, палякі. Таксама былі адзначаны анклавы пражывання яўрэяў, татар, цыганоў і іншых неславянскіх народаў. Беларусы, украінцы і рускія не вылучаліся1.

У сваім тлумачэнні карты Кёпен адзначыў, што «самым складаным было атрымаць станоўчыя сведчанні пра літоўцаў» [3, с. 14]. Аўтар запытваў у каталіцкіх і былых уніяцкіх парафіях Ковенскай, Віленскай і Гарадзенскай губерняў дадатковыя звесткі «аб мове, якой яны карыстаюцца з узорамі гаворкі», што сведчыць аб цяжкасцях, якія ўзніклі пры вызначэнні мяжы паміж літоўцамі і беларусамі паводле канфесійнага фактару і з'яўляецца спробай выкарыстання моўных асаблівасцяў.

Адзначым напружаную палітычную сітуацыю ў рэгіёне ў гэты перыяд і павелічэнне колькасці публікацый на этнаграфічную тэматыку, не пазбаўленую наўмыснага або выкліканага цэнзурай ідэалагічнага ўздзеяння [4].

У 1863 г. выдадзены «Этнаграфічны атлас заходнерускіх губерняў і сумежных рэгіёнаў» Радэрыха фон Эркерта (1821–1900), нямецкага этнографа і афіцэра, які служыў у Расіі. Выданне мела на мэце размежаваць «рускіх» (беларусаў і маларосаў) і палякаў на былых землях Рэчы Паспалітай [5]. У тым жа годзе выданне пабачыла свет на французскай мове [6]. На першай карце з атласа Р. Эркерта акрэслены тэрыторыі пераважнага пражывання палякаў, украінцаў, беларусаў, літоўцаў (вылучаны літвіны і жамойты), латышоў і іншых народаў. Гэта рабілася ў асноўным на канфесійнай аснове, хаця аўтар прызнае адносны навуковы характар гэтага падыходу і магчымасць розных вынікаў у залежнасці ад зруху акцэнтаў паміж моўным, канфесійным або грамадска-палітычным падыходамі.

Этнографическій атласъ западно русскихъ губерній и сосѣднихъ областей [Карты] / Скл. Р. ф. Эркерт

У сваёй працы «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі» Р. фон Эркерт заўважае, што французскае выданне павінна «супрацьстаяць ілжывым і прэтэнцыёзным сведчанням польскіх пісьменнікаў» і фактычна дае этнаграфічную карціну былой Рэчы Паспалітай. Указваючы тэрыторыю беларускага насельніцтва, аўтар не распаўсюджвае свае даследаванні за межы Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў ва ўсходнім кірунку. Прыблізна па лініі Ліда – Ашмяны – Смаргонь праходзіць дэмаркацыйная лінія паміж беларусамі і літвінамі. Пружаны, Кобрын і Брэст-Літоўск аднесены да ўкраінскіх тэрыторый.

Р. фон Эркерт, як і П. Кёпен, сутыкаецца з цяжкасцямі пры канструяванні этнаграфічнай мяжы паміж «рускім» і польскім народамі. Ён звяртае ўвагу на носьбітаў беларускай або «маларускай» мовы каталіцкага веравызнання і, з некаторымі агаворкамі, адносіць іх да палякаў.

У 1875 г. па ініцыятыве Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства расійскі ваенны этнограф Аляксандр Рыціх (1831–1915) распрацаваў «Этнаграфічную карту Еўрапейскай Расіі» [7]. Упершыню ў Расійскай імперыі нацыі былі падзелены на групы і нанесены на карту паводле моўных крытэрыяў.

 Пры распрацоўцы карты выкарыстоўваліся матэрыялы дзясятай рэвізіі 1858 года. На карце акрэслены тэрыторыі 46 «дыялектаў», якія атаясамліваюцца з іх носьбітамі, у тым ліку беларусы, рускія (вялікаросы) і ўкраінцы (маларосы). Беларускі «дыялект» на этнаграфічнай карце А. Рыціха распаўсюджаны на тэрыторыях, акрэсленых Себежам, Невелем, Смаленскам, Дарагабужам, Рослаўлем, Гомелем, Мазыром, Беластокам, Гародняй, Лідай, Ашмянамі, Вільняй, Дрысай. Брэст, Пружаны, Пінск і правабярэжжа Прыпяці аднесены да тэрыторый пераважаючага ўкраінскага «дыялекту».

Этнографическая карта Европейской России [Карты] / Скл. А. Риттих. – 1 : 2 520 000

Этнаграфічная карта Рыціха, а ў некаторых выпадках і згаданыя вышэй карты паслужылі асновай для наступных перавыданняў у атласах, кнігах або асобных аркушах. Новых карт, прысвечаных гэтаму пытанню, у Расійскай імперыі больш не стваралася.

Этнаграфічныя даследаванні ў Расійскай імперыі ў значнай ступені вызначаліся нацыянальнай палітыкай, накіраванай на стварэнне адзінай рускай народнасці, адсюль і адпаведная тэрміналогія: «наречия», «племена» і г. д. Аднак яна стала адпраўной кропкай для ўласных этнаграфічных выданняў народамі, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі і пачалі праяўляць сваю палітычную волю. Заяўлены ў гэтых выданнях межы хутчэй улічвалі актуальную палітычную сітуацыю, чым строга абапіраліся на этнаграфічную карціну.

У 1902 г. акадэмік, аўтарытэтны філолаг-славіст Яўхім Карскі (1860–1931) выдаў брашуру «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» [8]. Анансаваная ў ёй карта з'явілася ў наступным годзе [9]. За аснову вызначэння межаў пражывання беларусаў былі ўзяты характэрныя рысы беларускай мовы (цвёрдае ці мяккае «р», моцнае ці ўмеранае аканне, паланізмы і інш.). У параўнанні з этнаграфічнай картай А. Рыціха 1875 г. мяжа беларускага «племені» Я. Карскага перамяшчалася ва ўсходнім кірунку, у астатніх кірунках мяжа супадае з нязначнымі адхіленнямі.

Этнографическая карта бѣлорусскаго племени [Карты] / Скл. Е. Ф. Карский

У 1917 г. выйшла другое выданне гэтай карты пад той жа назвай, але з выпраўленнямі: легенда была скарочана, унутраныя межы моўных абласцей зніклі, але знешнія межы былі выразна акрэслены [10]. Карта, складзеная на моўнай аснове, набыла палітычнае значэнне.

Першая сусветная вайна прывяла да вялізных змен у свеце. У выніку падзення імперыялістычных урадаў каланізаваныя народы змаглі сцвердзіць сваю дзяржаўнасць. 9 сакавіка 1918 г. ў Менску была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), а 25 сакавіка абвешчана яе незалежнасць.

«Карта Беларускай Народнай Рэспублікі / Carte de la République Democratique Blanche-Ruthénienne» [11] была падрыхтавана да Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919 г. Карта БНР была складзена на аснове Этнаграфічнай карты Я. Карскага, але пад пад уплывам прафесара Мітрафана Доўнар-Запольскага (1867–1934) былі пашыраны тэрыторыі пераважнага пражывання беларусаў, да беларускіх тэрыторый аднесены Брэст і Пінск [12].

Карта БНР распаўсюджвалася як асобнае выданне, а таксама ўвайшла ў брашуру Мітрафана Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», выдадзенай у Гародні на некалькіх мовах [13]. Дэлегацыя ўрада БНР апублікавала адмысловую петыцыю для ўдзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі, да якой таксама была прыкладзена карта [14]. У 1919 годзе выйшла кніга нямецкага афіцэра Вальтэра Ягера «Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung ...» з картай БНР [15].

Карта Беларускай Народнай Рэспублікі / Carte de la République Democratique Blanche-Ruthénienne

Карта абвяшчала дзяржаўныя межы БНР і павінна была выступіць дадатковым знешнепалітычным аргументам. Выдавалася і распаўсюджвалася вялікімі накладамі, яна адыграла важную ролю ў фарміраванні палітычнай свядомасці беларусаў. Удакладненне мяжы з суседнімі дзяржавамі працягвала заставацца прадметам дыпламатычных дыскусій.

У восені 1919 г. была выдадзена «Карта Беларусі» [16] для «ўнутранага» карыстання. Карта не падпісаная, але яе амаль поўная адпаведнасць з «Геаграфіяй Беларусі», выдадзенай вясной 1919 г. у Вільні беларускім вучоным Аркадзем Смолічам (1891–1938), дазваляе з упэўненасцю прысвоіць яму аўтарства карты. Карта дакладна фіксавала межы Беларусі, як на карце БНР, а таксама прадстаўляла новую канцэпцыю адміністрацыйнага падзелу Беларусі [17].

Карта Беларусі А.Смоліча, 1919 год

У наступных картаграфічных выданнях выяўляліся ўжо адміністратыўныя межы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У публікацыях міжваеннага часу часта паказвалася тэрыторыя заходняй часткі Беларусі, перададзеная Польскай Рэспубліцы паводле Рыжскай дамовы (1921) [18].

У верасні 1939 г., пасля падзелу Польшчы паміж Германіяй і СССР, этнічныя беларускія землі вярнуліся ў склад БССР. У цэлым гэтыя падзеі, якія паклалі пачатак Другой сусветнай вайне, разглядаюцца ў гістарыяграфіі негатыўна, але ўз'яднанне беларускай нацыі было пабочным прадуктам ваенна-палітычнай гульні двух таталітарных рэжымаў. Прадстаўнікі беларускага народа не ўдзельнічалі ў падпісанні пагадненняў паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у 1921 г., паміж Германіяй і СССР у 1939 г., а таксама не маглі ўплываць на тэрытарыяльныя пагадненні паміж СССР і Польшчай пасля Другой сусветнай вайны.

Сучасная дзяржаўная мяжа Беларусі канчаткова сфарміравалася ў 1945 г. Усходняя мяжа з Расіяй была ўстаноўлена да 1926 г. (у той час паміж БССР і РСФСР) і праходзіла блізка да адміністрацыйных межаў Магілёўскай губерні (з некаторымі зменамі ў раёнах Мсціслава і Лёзна), вызначаных у Расійскай імперыі ў пачатку ХІХ ст.

На паўночным усходзе частка Віцебскай губерні была ўключана ў склад БССР з гарадамі Дрыса, Асвея, Расоны, Езярышча, Сураж, а таксама Полацк і Віцебск без уліку этнаграфічных рэканструкцый і бачнай сувязі з межамі паветаў Віцебскай губерніі.

Паўднёвая мяжа даволі дакладна супадае з адміністрацыйнымі межамі Мінскай і Гарадзенскай губерняў, усталяванымі ў пачатку ХІХ ст.Заходняя і паўночна-заходняя межы канчаткова сфарміраваліся ў 1944–1945 гг. і былі вынікам палітычных рашэнняў без сувязі з этнаграфічнымі выданнямі.

Этнаграфічныя карты другой паловы ХІХ ст. канструявалі этнаграфічныя межы і былі праявай не толькі навуковай, але і ў значнай ступені эканамічнай і палітычнай неабходнасці. З пачатку ХХ ст. ў перыяд барацьбы за незалежнасць гэтыя карты набылі этнічны (нацыянальны) характар і выкарыстоўваліся для дэкларавання тэрыторый пражывання, а таксама былі важным сродкам палітычнай барацьбы. З 1920-х гг. з паступовым усталяваннем межаў роля карт як сродку палітычнай аргументацыі або прапаганды знізілася.

Само паняцце этнічнай мяжы ў ХІХ ст., як правіла, было размытым, строга кажучы, можна было гаварыць толькі пра пэўны памежны калідор, размяшчэнне і шырыня якога маглі істотна адрознівацца ў залежнасці ад выбраных паказчыкаў, таму канчатковае рашэнне залежала ад палітычнай волі, падмацаванай рэальнай уладай.

 - на тагачасных еўрапейскіх этнаграфічных картах беларусы, украінцы і рускія, хоць і належалі да адной славянскай групы, як правіла, былі падзеленыя. Напрыклад, у 1842 г. выйшла кніга П. Я. Шафарыка (1795–1861) «Slowanský národopis». У кнізе прысутнічала карта «Slovanský zeměvid» з межамі пражывання BELORUSI, MALORUSI, LITVANE, LOTYSI і іншымі народамі. У «Physikalischer Atlas oder Sammlung von Karten» (Gotha, Т.1. 1845, Т.2. 1848), які лічыцца першым комплексным геаграфічным атласам свету Х. Берггауза, беларусы (weiss russen), украінцы (klien russen), рускія (gross russen) пазначаны асобна на картах «Ethnographische Karte von Europa» (1847), «Ubersicht von Europa; mit ethnograph...» (1847). На гэтых картах у параўнанні з картамі П. Я. Кёпена тэрыторыя пераважнага пражывання літоўцаў пашырана на ўсход: па лініі Сувалкі – Горадня – Ліда – Смаргонь – Швянчоніс (Свенцяны) – Відзы.

2 - вытокі ўтварэння мяжы паміж Беларуссю і Украінай можна прасачыць з часоў Люблінскай уніі, калі ўкраінскія землі былі ўключаны ў склад Польскага Каралеўства. Паўднёвую мяжу Берасцейскага ваяводства XVII—XVIII стст. дакладна паўтаралі межы Гарадзенскай і Мінскай губерняў. П. Я. Шафарык на гэтым адцінку размежавання, відаць, абапіраўся на адміністрацыйны падзел («Карта Slowanský národopis», 1842 г.). Р. фон Эркерт і А. Ф. Рыціх з некаторымі адрозненнямі адносілі заходняе Палессе да ўкраінскіх тэрыторый, што пазней аспрэчыў М. В. Доўнар-Запольскі. 


Спіс крыніц


1.Lelewel, J. Géographie du moyen âge / J. Lelewel. – Bruxelles : Chez Vve et J. Pilliet, Libraires, Successeurs de P.-J. Voglet, 1850. – 36 с.; Кордт, В. Матеріалы по исторіи русской картографіи. Вып. І. Карты всей Росіи и южныхъ ея областей до половины XVII вѣка / В. Кордт. - Киев : Изданіе Кіевской комиссіи для разбора древнихъ актовъ, 1899. - 15 с.; Кордт, В. Матеріалы по исторіи русской картографіи. Вып. ІІ. Карты всей Росіи и западныхъ ея областей до половины XVII вѣка / В. Кордт. - Киев : Изданіе Комиссіи для разбора древнихъ актовъ, состоящей при Киевскомъ, Подольскомъ и Волынскомъ генерал-губернаторѣ, 1910. - 31 с.
2. Этнографическая карта Европейской России [Карты] / Скл. П. Кёппен. – 1:3 150 000, 31,5 км у 1 см. – Санкт-Петербург : Императорское Русское географическое общество, 1851. – 1 к.
3. Кёппен, П. Об этнографической карте Европейской Росии / П. Кёппен. - Санкт-Петербург : Типография Императорской Академии наук, 1852. – 40 c.
4. Петронис, В. Pinge, divide et impera: взаимовлияние этнической картографии и национальной политики в позднеимперской России (вторая половина XIX века) / В. Петронис // Imperium inter pares: роль трансферов в истории Российской империи (1700–1917) : зб. арт. / рэд.: А. Мартин, Р. Вульпиус, А. Миллер. - Москва : Новое литературное обозрение, 2010. – С. 308-329.
5. Этнографическій атласъ западно русскихъ губерній и сосѣднихъ областей [Карты] / Скл. Р. ф. Эркерт. – [Маштаб не ўказаны]. - Санкт-Петербург, 1863. – 6 к.
6. Atlas ethnographique des Provinces habitées en totalité on en partie par des Polonais [Карты] / Скл. R.Erckert. – [Маштаб не ўказаны]. - Санкт-Петербург, 1863. – 6 к.
7. Этнографическая карта Европейской России [Карты] / Скл. А. Риттих. – 1 : 2 520 000, 25,2 км у 1 см. – Санкт-Петербург : Картографическое заведение А. А. Ильина, 1875. – 1 к.
8. Карский, Е. Ф. К вопросу об этнографической карте белорусского племени / Е. Ф. Карский. – Санкт-Петербург : Типография императорской академии наук, 1902. – 16 с.
9. Этнографическая карта бѣлорусскаго племени [Карты] : Бѣлорусскіе говоры / Скл. Е. Ф. Карский. – 1 : 1 680 000, 16,8 км у 1 см. // Карский, Е.Ф. Бѣлоруссы. Введеніе въ изученіе языка и народной словесности. Том 1. / Е.Ф. Карский - Варшава : Типографія Варшавскаго Учебнаго Округа, 1903. - 466 с.
10. Этнографическая карта бѣлорусскаго племени [Карты] / Скл. Е. Ф. Карский. – 1 : 1 680 000, 16,8 км у 1 см. // Карский, Е.Ф. Этнографическая карта бѣлорусскаго племени / Е.Ф. Карский - Петроградъ : Типографія Россійской Академіи Наукъ, 1917. - 32 с.
11. Карта Беларускай Народнай Рэспублікі. Carte de la République Democratique Blanche-Ruthénienne [Карты] / 1 : 2 000 000, 20 км у 1 см. – Berlin, 1919 (?). - 1 к.
12. Лебедзева, В. М. Удзел M. В. Доўнар-Запальскага ў беларуска-ўкраінскіх перамовах 1918 // Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі : зб. навук пр. / ГДУ імя Ф. Скарыны ; пад рэд. В. М. Лебедзевай. - Гомель-Рэчыца, 2000. – С. 96-106.
13. Доўнар-Запольскі, М. В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. / М. В. Доўнар-Запольскі. - Городно : выданьне Міністэрства Беларускіх Спраў, 1919. - 16 с.
14. Petition presented by the Delegation of the Gouvernment of the White Ruthenian Democratic Republic / Paris, 1919. – 6 c.
15. Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung Mit 93 Abbildungen und einer Karte / пад рэд. w. Jager. - Berlin : Verlag Karl Curtius, 1919. – 140 c.
16. Карта Беларусі [Карты] / 1 : 1 680 000, 16,8 км у 1 см. Wilno: Lit.P.F. «N.Mac i syn», 1919. - 1 к.
17. Адміністрацыйнае дзяленне на карце Беларусі Аркадзя Смоліча [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступа: http://imago.by/artycle/613-smolich-admin.html – Дата доступа: 05.05.2021.
18. Карта Беларусі [Карты] / 1 : 2 000 000, 2 км у 1 см. // Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэволюцыйнага руху / Пад рэд. А. Сташэўскі, З. Жылуновіч, У. Ігнатоўскагі. Менск : Выданьне Цэнтральнага Выканаўчага Комітэту Беларускае Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі, 1924. – 323 с.; Школьная карта Беларусі [Карты] / Скл. М. Азбукін, А. Смоліч. – 1 : 500 000, 5 км у 1 см. Менск : Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925(?). - 1 к.