Герард Меркатар 1595 год. LITHVANIA
LITHVANIA.
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Г.Меркатар, Ё.Гондзі
Год выдання: 1595, Амстэрдам
Памер аркуша: 55 х 47 см
Памер карты: 43.7 x 37.2 см
Маштаб: каля 1 : 3 000 000
[Buczek, XXI]
Адна з першых асобных карт Вялікага Княства Літоўскага выйшла ў 1595 годзе ў першай частцы "Atlas sive Cosmographicae Meditationes de Fabrica Mundi et Fabricati Figura". Падрыхтавана фламандскім картографам Герардам Меркатарам (Gerardus Mercator, 1512–1594) і выдадзена яго сынамі, у першую чаргу Румольдам Меркатарам (Rumold Mercator, 1545–1599). Карта грунтуецца на ранейшых буйнамаштабных насценных картах Еўропы, створаных Меркатарам у 1554 і 1572 гадах. Для земляў Вялікага Княства Літоўскага былі выкарыстаны карты першага польскага картографа Бернарда Вапоўскага (Bernard Wapowski, каля 1450–1535), якія захаваліся да нашых часоў фрагментарна, карта Еўропы О.Магнуса (1539), карты В.Градэцкага (1562 і 1570), Дж.Гашталдзі (1562) і А.Паграбкі (1570), картаграфічныя матэрыялы Мацея Струбіча і нейкія іншыя крыніцы.
У 1604 г. друкарскія формы атласа Меркатара выкупіў Ёдакус Гондзі (Jodocus Hondius, 1563–1612), ён дадаў да атласа 36 уласных карт і апублікаваў пашыранае выданне ў 1606 г. пад аўтарствам Меркатара, а сябе пазначыў выдаўцом. Па смерці Гондзі ў 1612 годзе атлас выдаваўся яго сваякамі. Атлас вытрымаў каля 30 выданняў (па іншых звестках, больш за 50) на лаціне, французскай, нямецкай, галандскай і англійскай мовах, і вядомы як "Атлас Меркатар-Гондзі"; выдаваўся па 1641 год. На рынку пераважаюць карты з атласаў 1620-х гадоў, радзей сустракаюцца асобнікі з першага выдання – 1595 года.
Упершыню была створана такая інфарматыўная і набліжаная да сапраўднага стану карта Літвы, яна ахоплівае тэрыторыю ад Падзвіння і Балтыкі на поўначы да дэльты Дняпра і Паўднёвага Буга на поўдні. Акрэслены межы Княства з Курляндыяй (Curland), Лівоніяй (Liviniae Pars), Масковіяй (Moscoviae Pars), Польшчай (Polonia) і Прусіяй (Prussiae Pars). На карце нанесена багата населеных пунктаў, многія з іх упершыню. Тэрытарыяльныя страты пасля Люблінскай уніі 1569 года адлюстраваны недакладна: Падляшскае ваяводства ўключана ў межы Княства, Валынія і частка Падоліі адасоблены. Паказальна, што межамі адасоблена і Полацкае княства (POLOCENSIS DVCVTVS), якое знаходзілася ў складзе ВКЛ з пачатку 14 стагоддзя, але захоўвала сваю культурную і палітычную адметнасць.
З адваротнага боку на карце звычайна прысутнічае апісанне, датычнае Вялікага Княства Літоўскага. Карта ў пазнейшых перавыданнях не мела змен, а вось тэкст з адваротнага боку для перавыданняў розніцца інфарматыўнасцю, кампаноўкай і буквіцамі.
Са з'яўленнем у Еўропе Радзівілаўскай карты на пачатку 1600-х гадоў "меркатараўская" Літва перастала быць актуальнай. Асноўны наступнік Гондзіўса – яго сын Генрых (Henricus Hondius, 1597–1651), разам з Янам Янсонам (Johannes Janssonius, 1588–1664) з 1636 года замяніў гэтую карту на перапрацаваную Радзівілаўскую карту.
Вільям Янсон Блаў (Willem Janszoon Blaeu, 1571–1638), таксама скарыстаўся спадчынай Меркатара, у 1629 годзе ён выкупіў частку плытаў Гондзі, але ўжо меў у сваім актыве Радзівілаўскую карту 1613 года, гравіраваную Геселем Герытцам, і з 1631 года ўключаў у свае атласы менавіта яе.
< Папярэдні | Наступны > |
---|